Беларуская старонка

Этнаграфічны пакой "Беларуская хатка"
У цяперашні час востра адчуваецца неабходнасць адраджэння духоўнасці, вывучэння культуры свайго народа, вывучэння мінулага і сучаснасці сваёй «малой радзімы», аднаўленне духоўнасці для фарміравання маральнай асобы грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны. Бясспрэчная думка пра тое, што малая радзіма, бацькаўшчына, родны край гуляюць значную ролю ў жыцці кожнага чалавека. Часціца любімай Айчыны, дарагія сэрцу мясціны, блізкія душы звычаі. Але мала гаварыць аб любові да роднага краю, трэба ведаць яго мінулае і сучаснасць, багатую духоўную культуру, народныя традыцыі, прыроду.
Беларуская зямля славіцца гарадамі і сёламі, рэкамі і азёрамі, зялёнымі багатымі і прыгожымі лясамі, лугамі і палямі. Аднак галоўнае багацце любой краіны - гэта людзі, якія тут жывуць, ствараюць новыя матэрыяльныя і духоўныя даброты, берагуць каб перадаць нашчадкам. Кожны чалавек павінен ведаць свае карані, як жылі яго дзяды і прадзеды.
Так і ў нашай дашкольнай установе з 2012 года існуе этнаграфічны пакой "Беларуская хатка" у якой дзеці могуць азнаёміцца ​​з прадметамі хатняга побыту, прыладамі працы, гэтак жа ўбачыць народныя касцюмы у якіх хадзілі нашы продкі. Ну і ў думках пабываць у далёкім мінулым.ДЗякуючы добрым людзям, бацькам і супрацоўнікам нашай ўстановы вось што ў нас атрымалася.

УВАХОДЗІНЫ

Наваселле, уваходзіны, улазіны – усё гэта беларускія найменні сямейнай урачыстасці з нагоды перасялення ў новы дом. Самі назвы падказваюць, што гэта падзея суправаджалася дзеяннямі, якія мелі глыбокі сэнс. Здаўна існаваў пэўны рытуал першага наведання новага жытла, у якое маглі не толькі ўваходзіць праз дзверы, але і ўлазіць праз вакно. На наваселле запрашалі родных, сваякоў, суседзяў, сяброў. Віншуючы гаспадароў, госці дарылі ім падарункі. Звычайна гэта былі рэчы, патрэбныя ў гаспадарцы. Акрамя іх на вёсцы прыносілі яшчэ і зерне жыта, печаны хлеб, сала, каўбасы і іншыя прадукты. Бралі з сабой і грошы, якія заўсёды атаясамліваліся з багаццем. Існаваў звычай, калі, пераступаючы парог, некаторыя госці кідалі на падлогу манеты, жадаючы такім чынам дабрабыту ў доме.Наваселле пачыналася з агледзін новага жытла. Запрошаныя на абрад суседзі і сваякі паводле старшынства выказвалі пажаданні гаспадару і гаспадыні традыцыйнымі выразамі накшталт гэтых: “Ацета вампаляніца, штоб радзіло жыта і пшаніца, а ета ось драбок солі, кеб Бог даў вам усяго даволі, штоб дзеці вашы раслі высока, да не прыставалі к ім урокі”.

АДЗЕННЕ

Беларускі сялянскі касцюм мае глыбокія гістарычныя карані і захаваў шмат архаічных рыс. Спалучаючы ў сабе практычнасць і эстэтычнасць, ён з’яўляўся і з’яўляецца значна большай рэччу, чым проста адзеннем ці нават мастацкім творам. Сялянскі касцюм беларусаў адлюстроўваў мясцовыя традыцыі, патрэбы і сацыяльны статус прадстаўнікоў беларускага народа, светапогляд майстроў, якія яго выраблялі, а ў дэкаратыўным арнаменце часам чытаюцца цэлыя змястоўныя гісторыі. Звычайна менавіта сялянскі касцюм маюць на ўвазе, калі вядуць гаворку пра нацыянальны касцюм беларусаў увогуле.

Нацыянальны касцюм – важны элемент этнічнай культуры беларусаў. На працягу многіх стагоддзяў ён захоўваў у цябе арахаічныя рысы: прамалінейны крой, выкарыстанне саматканак i вышаўкі. Усё гэта абавязкова прысутнічае ў сарочцы – асноўным элеменце касцюма як ў жанчын, так i ў мужчын. Кажуць, што раней, перш, чым надзець сарочку, неабходна было выканаць сорак работ. Лён, з якога шылі кашулі, меў неверагодную сілу. Нашы продкі называлі яго «божай свечкай», і лічылі, што адзенне, зробленнае з лёну, абараняе ад рознай нешысці. Яшчэ адзін абавязковы элемент нацыянальнага касцюма – пояс – у беларусаў таксама з’явiўcя нездарма. Ён служыў абярэгам і нагадваў сімвал сонца, з узыходам якога ўся нечысць знікае. Нацыянальны касцюм – паказчык знешняй свядомасці, які адчыняе перед намі адвечную мудрасць нашых продкаў. Менавіта таму мы павінны паважліва ставіцца да яго.

 

ЧЫРВОНЫ КУТ

Ў хаце, звычайна арыентаванай па баках гарызонту, чырвоны кут уладкоўваўся ў далёкім куце хаты, з усходняга боку, у прасторы паміж бакавой і фасаднай сценамі, па дыяганалі ад печы. Гэта заўсёды была самая асветленая частка хаты: абедзве сцяны, якія ўтвараюць кут, мелі вокны. Абразы змяшчаліся ў “чырвоны” ці “пярэдні” кут пакоя з такім разлікам, каб абраз быў першым, што заўважаў чалавек, які ўваходзіць у пакой.
У пярэднім куце ўсталёўваўся стол, які зваўся вялікім. Да вялікага стала ўздоўж сцяны прыстаўлялі яшчэ адзін стол, які зваўся прамым. Уздоўж сцен хаты стаялі лавы. Лава, размешчаная ў чырвоным куце, звалася вялікай лавай. У чырвоным куце, на вялікай лаве за сталом сядзеў гаспадар хаты. Месца гаспадара хаты звалася вялікім месцам. Астатнія чальцы сям’і садзіліся за стол у парадку старшынства. Калі ўсе не змяшчаліся за вялікі і прамы стол, да прамога стала пад кутом прыстаўлялі крывы стол.
Вялікае месца лічылася ганаровым, і прапанавалася важным гасцям. Госць павінен быў рытуальна адмаўляцца ад месца. Святары садзіліся на вялікае месца, не адмаўляючыся. Апошняе месца за крывым сталом звалася палатны брус, бо размяшчалася пад столевым брусам, на які ўкладвалі палаткі. У былінах волаты на княжых балях садзіліся звычайна за столевы брус, а затым ужо перасаджваліся на больш ганаровыя месцы, зыходзячы са сваіх подзвігаў.

Чырвоны кут – старэйшы, пярэдні, вобразны, святы. Зразумелая яго функцыя ў хаце: адухаўленне жылля і жыцця.
Другі кут – бабін, ён жа жоран-кут. Кут – месца не гаспада, а гаспадыні. Гаспадара ж месца – у двары, у гаспадарцы. Гэта сямейная спецыялізацыя дагэтуль жывая сярод нас.
Трэці кут – кухаварны, печкавы. Вакол яго харчуецца, грэецца, ды і спіць сям’я, гэта – агмень, з якога пачынаецца хата і сям’я ў матэрыяльным, штодзённым сэнсе слова.
Чацвёрты і апошні кут – задні, дзвярны, конік – адтуліна ў навакольны свет і зносіны з быдлам, амаль сям’ёй сям’і. Каб не церусіць быдла, смецце з хаты мелі не да гэтага кута, а да процілеглага, печкаваму, што мела і гігіенічнае значэнне: смецце не назапашвалася, а спальваўся.

ПРАДМЕТЫ ХАТНЯГА УЖЫТКУ (прылады працы і посуд)

Калатоўка. Яна продак сучаснага міксера. Ёй карысталіся, напрыклад, калі варылі гарбузовую кашу. Кавалачкі гарбуза спачатку варылі, а потым калатоўкай разбівалі. А вялікай калатоўкай разбівалі кавалачкі мукі, калі варылі зацірку для свіней.

Драўляную лыжку і сёння можна сустрэць ў нашых хатніх гаспадарках. Такую вялікую лыжку называлі апалонікам. Выраб лыжак быў некалі промыслам. Выраблялі лыжкі лыжачнікі.

Ступа – традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня на крупы. Выкарыстоўвалася і для іншых мэт. Ступу рабілі з кавалка тоўстага ствала дуба, граба, часам таполі або ліпы. У ствале выдзёўбвалі ці выпальвалі конусападобную выемку. Зерне ў ступе таўклі таўкачом. Часта таўклі ў два таўкачы. Зерне перад апрацоўкай сушылі, а ў працэссе таўчэння для таго, каб лепш аддзялялася шалупінне, крыху змочвалі вадой. Стоўчаныя крупы прасявалі на рэшаце ці ачышчалі пры дапамозе апалушак.

Пранік – плякаты драўляны брусок. Ён з’яўляецца продкам сучаснай пральнай машыны. Мылі бялізну на рэчцы, клалі яе на масткі і адбівалі пранікам, каб бялізна стала чыстай. Ім таксама аббівалі лён і проса.

Качалка. Яна з’яўляецца продкам праса. Качалка – прыстасаванне для разгладжвання тканых вырабаў. Тканіну спачатку накручвалі на качалку (даўжыня 40-60 см, дыяметр 5-6 см), затым раскачвалі пры дапамозе валка. Валок – прамы ці вогнуты драўляны брус з нарэзанымі ўпоперак зубцамі.

А пазней ужо з’явіліся вугальные прасы. У нас іх некалькі, і ўсе яны розныя.

Кош (кошык). У сялянскай хаце ён быў халадзільнікам : ў ім захоўвалі прадукты, клалі каўбасу, сала і падвешвалі да столі, каб мышы не з’елі, у ім прасушвалі сыры, трымалі грыбы, зёлкі. Называўся такі кож сажам.

Лапата, якой садзілі хлеб у печ. Рабілі яе з дошкі звычайна лісцевых парод дрэва. Каб цеста лягчэй ссоўвалася на чарэнь, краі лапаты рабілі танчэйшымі. Перад тым, як саджаць цеста ў печ, гаспадыня пакрывала лапату хрэнавым, кляновым ці дубовым лісцем, аерам і пасыпала зверху мукой. Захоўвалі хлебную лапату ў варыўні або ў каморы. Драўляныя лапаты рабілі для падгортвання бульбы ў буртах і для перамешвання збожжа на таку.

Вельмі важнай культурай для беларусаў быў лён. Ільняная тканіна ішла на вопратку, з ільна ткалі розныя патрэбныя рэчы. Але каб лён ператварыўся ў гэтыя рэчы, трэба было шмат папрацавацьз ім. Усе працэсы, звязаныя з апрацоўкай ільняной сыравіны і падрыхтоўкай яе да ткання, выконваліся ўручную – звычайна гэта была жаночая работа. У кастрычніку лён мялі, трапалі, часалі. Гэта церніца, або мялка – прылада для (мяцця) ільняной ці канаплянай трасцы. А трапалі лён восьтакім траплом.У нас пакуль няма станка , які называўся кросны ,але ў нас ёсць дэталі гэтага станка-берды, ніты, чаўнок. Чаўнок – ткацкая прылада для пракідання утку ў працэсе ткання.

На кроснах ткалі. Вось гэта посцілка, абрус, ручнік сатканы на кроснах. Сыравінай для ткацтва на Беларусі здаўна служылі лён, воўна, радзей пянька. У лістападзе пачыналі прасці. Пралі пры дапамозе верацяна або калаўрота на працягу ўсяго тыдня за выключэннем святочных дзён і нядзелі. Затым пражу рыхтавалі да ткання: бялілі або фарбавалі, снавалі. У працэсе адбельвання маткі пражы вымочвалі ў шчолаку,залівалі ў жлукце, паласкалі і развешвалі на сонцы. Верацяно – прылада для ручнога прадзення льну, воўны, пянькі. У старажытныя часы гэта была драўляная завостраная палачка, пазней – конусападобная палачка даўжынёй 20-30см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам. Калаўрот – самапрадка, прылада для механізаванага прадзення льну і воўны ў хатніх умовах. На Беларусі вядомы два тыпы – стаяк (больш характэрны для заходніх раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсходніх і паўднёва-ўсходніх раёнах). Калаўрот складаецца з кола, педалі і прадзільнага апарата. На Беларусі калаўроты з’явіліся ў 16 стагоддзі на мануфактурных прадпрыемствах. У сялянскім побыце выкарыстоўваліся з сярэдзіны 19 ст.

Палатно вымочвалі, выбівалі пранікам на рэчцы, паласкалі, а затым рассцілалі нароснай траве (прадвеснем на снезе) для бялення пад сонечнымі промнямі. Асноўнай сыравінай для фарбавання ў хатніх умовах служылі натуральныя фарбавальнікі: адвары або настоі лісця,кары дрэў, сцяблоў, кветак,каранёў траў. У выніку змешвання розных кампанентаў атрымлівалі патрэбны колер.

У сакавіку, калі дзень павялічваўся, у хату прыносілі ставы і ўвесь панарад (ніты, бёрды, набіліцы і інш.). У наладцы красён і ткацтве звычайна ўдзельнічала 2 – 3 жанчыны. Гэта віток (матавіла), на яго наматвалі ніткі.

У нашым этнаграфічным музеі можна пазнаёміцца і з некаторымі беларускімі промысламі. Адным з самых распаўсюджаных промыслаў было ганчарства. Гліняны посуд выраблялі ганчары. На нашай паліцы вы бачыце збаны, а гэта спарышы. У іх насілі ежу ў поле: адразу можна было занесці дзве стравы. Гэта—збан. Пасудзіна добра вядомая. У ім звычайна трымалі малако. Бакі ў збана выпуклыя, шыйка—звужаная. Мае ручку і носік-дзюбку, каб тое ж малако лёгка, роўным струменьчыкам лілося ў міску ці ў кубак.

Гарлач старэйшы за збан. Яны падобныя, як браты, толькі гарлач без ручкі і не мае носіка-дзюбкі зверху. Пасудзіна адна, а называлі яе дзе збаном, дзе гарлачом, а дзе стаўбуном.Ён і сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзіцца ён і на кухоннай паліцы, і на абедзенным стале.

Драўляны посуд, такі, як гэта маслабойка, рабілі бондары. Бондары выраблялі і выдаўблены посуд, напрыклад, ночвы. Прызначаліся для мыцця бялізны, прыгатавання сечанай капусты (якую ссыпалі потым убочку), мяса для каўбас і інш. Рабілі з драўлянага цурбана (асіны,ліпы), колатага папалам. Невялікія начоўкі для ачысткі зерня называюцца апалушкі. У сваёй рабоце бондары карысталіся інструментам чакухай, або доўбняй.

Вельмі важным чалавекам у вёсцы быў каваль. Ён у кузні рабіў сярпы, косы, іншыя прылады працы, падкоўваў коней падковамі. У кузні было многа розных інструментаў. Напрыклад, такі дрыль для свідравання дзірак у тонкіх загатоўках і драўляных вырабах. А гэта кола зроблена з цэльнага кавалка дрэва. Каб зрабіць яго, трэба было ведаць шмат сакрэтаў. Рабіў павозкі з такімі коламі стэльмах. А каб запрэгчы каня ў павозку, патрэбна была збруя: хамут, сядзёлка, уздзечка. Збрую рабілірымары.

Да народных промыслаў адносіцца саломапляценне. Такія павукі былі ў кожнай беларускай хаце. Лічылася, што яны збіраюць усё дрэннае, аберагаюць гаспадароў.Вясной павук спальваўся, і кожны год рабіўся новы. Сялянскія хатыўпрыгожвалі рушнікі. Ручнікі ўжываліся для штодзённага і святочнага дэкаратыўнага ўпрыгожвання жылля і абразоў (набожнікі); былі адным з неабходных абрадавых атрыбутаў у вясельным і пахавальна-памінальным абрадах. Уваходзілі ў пасаг нявесты, з’яўляліся неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родзічам жаніха. Ручніком перавязвалі цераз плячо важнейшых удзельнікаў вяселля. Іх пасцілалі як “падножнік”,на які станавіліся маладыя ў час царкоўнага вянчання, выкарыстоўваліся для абрадавага звязвання маладых, для абгортвання рук нявесты і жаніха ва ўрачыстыя моманты вяселля. Ручнікі клалі нябожчыку ў труну, нярэдка абівалі яе, прывязвалі да павадоў каня, які вёз нябожчыка на могілкі. На ручніках апускалі труну ў магілу, ручніком упрыгожвалі надмагільны крыж. Як знак жалобы, ручнік вывешвалі за акно на сарачыны, на дзяды. У час засухі, эпідэмій, вайны і інш. няшчасцяў жанчыны ўсяго сяла ткалі на працягу дня ці ночы абыдзённік ,які выконваў функцыю апатрапея. Узорысты ручнік – адзін з прадметаў, які найчасцей ахвяроўвалі як дар у царкву, касцёл, капліцу, на крыжы, што стаялі на расстайных дарогах. Ручнікі займалі таксама важнае месца ў каляндарных звычаях і абрадах. На вадохрышча ручнікі часам упрыгожвалі ледзяны крыж, на сёмуху іх ахвяроўвалі бярозе як духу расліннасці, на Купалле разам з вянкамі з жывых кветак развешвалі на прыдарожныя крыжы, на зажынках першы сноп абвязвалі стужкамі, прадзівам ці ручніком, ім жа ахіналі гэты сноп у куце. З дапамогай ручніка быццам бы ажыццяўлялася сувязь паміж нашчадкамі і продкамі.

Гармонік і цымбалы – гэта традыцыйныя народныя музычныя інструменты. Ігры на цымбалах навучаліся (па слыху, сам праз сябе) ад бацькоў або ад вядомага ў наваколлі “майстра”. Інструмент ансамблевы, які традыцыйна спалучаўся са скрыпкай, катрынкай, кларнетам, гармонікам, бубнам ці талеркамі. Ансамблі з удзелам цымбал ігралі звычайна на вяселлях, хрэсбінах, бяседах, дзе шмат танцавалі і спявалі.Найбольш раннія ўпамінанні пра цымбалы сустракаюцца ў літаратурных помніках Беларусі 16 стагоддзя.

   

   

  

 

 

 

 

 

 

Богатая культура Беларуси – самобытность, разнообразие стилей, форм, направлений… Все это интересно и доступно для наших ребят!

razmavlaem beloruss

Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа

Нацыянальнай называецца мова, якая з’яўляецца сродкам пісьмовых і вусных зносін нацыі. Нацыянальная мова – катэгорыя гістарычыая: яна складваецца ў перыяд пераўтварэння народнасці ў нацыю, таму што нацыя як гістарычная супольнасць акрамя агульнай тэрыторыі, эканамічнага жыцця і псіхічнага складу характарызуецца і агульнасцю мовы. Мова – найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі, і агульнасць мовы з’яўляецца важнай умовай экана- мічнай і палітычный канцэнтрацыі жыцця грамадства ў перыяд складвання нацыі.

У склад нацыянальнай мовы ўваходзіць і літаратурная мова, і мясцовыя гаворкі, і прастамоўе, і сацыяльныя дыялекты. Аднак яны не з’яўляюцца раўнапраўнымі. У эпоху фарміравання нацый адбываецца станаўленне адзінай літаратурнай мовы, якая пачынае абслугоўваць усе сферы пісьмовых і вусных зносін і паступова выцясняе астатнія разнавіднасці нацыянальнай мовы. Распаўсюджваецца адзінае вуснае літаратурнае маўленне. Працэс пашырэння літаратурнай мовы асабліва паскараецца ў перыяды інтэнсіўнага сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця нацыі. Павышэнне агульнаадукацыйнага ўзроўню, узрастанне ролі сродкаў масавай інфармацыі (перыядычнага друку, радыё, тэлебачання) ствараюць спрыяльныя ўмовы для шырокага распаўсюджання літаратурнай мовы сярод усіх прадстаўнікоў нацыі. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да звужэння ролі і функцый мясцовых гаворак і іншых разнавіднасцей нацыянальнай мовы.

Звычайна кожная нацыя атаясамліваецца з адной нацыянальнай мовай, напрыклад, французы – з французскай, шведы – са шведскай, палякі – з польскай, грузіны – з грузінскай, украінцы – з украінскай і г. д. Аднак у сучасным свеце нярэдкія сітуацыі, калі адна нацыя карыстаец- ца некалькімі мовамі. Тыповым прыкладам можа служыць Швейцарыя. Швейцарцы – адна нацыя, аднак карыстаюцца французскай, ня- мецкай, італьянскай і рэтараманскай мовамі. У сучасным Парагваі індзейцы гуарані складаюць больш за 90 /Насельніцтва краіны. Таму мова гуарані мае такі ж высокі прэстыж, як і афіцыйная іспанская мова. Сёння гуарані ў гэтай краіне з’яўляецца нацыянальнай мовай, якая выкарыстоўваецца ў розных сферах грамадскага жыцця [1].

3 другога боку, можна прывесці прыклады, калі адна мова з’яўляецца сродкам зносін некалькіх нацый, напрыклад іспанская ў краінах Лацінскай і Цэнтральнай Амерыкі. У такіх выпадках фарміруюцца нацыянальныя варыянты той ці іншай мовы: англійская брытанская, англійская амерыканская, англійская аўстралійская і г. д.

Сучасная літаратурная беларуская мова як вышэйшая форма нацыянальнай мовы пачала складвацца ў ХІХ ст. Гэты працэс супаў з перыядам так званага славянскага адраджэння, калі адбывалася інтэнсіўнае фарміраванне славянскіх нацый і новых славянскіх літа- ратурных моў. Асаблівасцю складвання мовы беларускай нацыі было тое, што новая беаруская мова амаль не мела традыцый пераемнасці з пісьмовай старабеларускай мовай – мовай беларускай народнасці – і складвалася на народнагутарковай аснове.

Упачатку ХХ ст. беларуская мова набыла ўсе правы і функцыі нацыянальнай мовы. Упершыню пасля некалькіх стагоддзяў перарыву яна пачала абслугоўваць усе сферы моўнага жыцця беларускай нацыі. Значнае пашырэнне грамадскіх функцый спрыяла і развіццю самой беларускай нацыянальнай мовы, і ў першую чаргу яе літаратурнай формы. За кароткі час значна ўзбагаціўся слоўнікавы запас, развіліся функцыянальныя стылі, удасканаліўся граматычны лад, замацаваліся літаратурныя нормы, была створана навуко- вая тэрміналогія.

На сучасным этапе беларуская нацыянальная мова паспяхова выконвае свае функцыі ў розных сферах зносін паміж людзьмі, на ёй ствараецца разнастайная мастацкая літаратура, выдаюцца газеты і часопісы, друкуюцца навуковыя працы, яна гучыць па радыё і на тэлебачанні, што з’яўляецца сведчаннем высокага ўзроўню яе развіцця.

Беларускія калыханкі

Люлі-люлі-люлі,
Прыляцелі куры 

Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Сталі куры сакатаць,
Трэба курам нешта даць.
Ці ячменю жменю,
Ці жыта карыта,
Ці бобу каробу,
Ці гароху троху,
Ці ярыцы паўмяліцы,
Ці пшаніцы паўдайніцы,
А дзіцяці – цыцы.

Люлі-люлі-люлі,
Прыляцелі куры 

Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Сталі куркі сакатаць,
Трэба куркам есці даць.
Пасыпім ім грэчкі,
Каб неслі яечкі.
Куры грэчкі не ядуць
І яечак не нясуць.

Сталі куркі сакатаць,
Трэба куркам есці даць.
Пасыпім гароху.
Хай ядуць патроху.
І гарох не ядуць,
І яечак не нясуць.

Злазьце, куркі, вы з варот
Ды ідзіце ў гарод.
Бо Міронку трэба спаць,
А мне яго калыхаць.
А вы, куркі, – гультаі,
Дык хадзіце па раллі.

Люлі-люлі-люлі,
Палез кот па дулі, 

Памарозіў лапкі,
Дайце кату тапкі!

Люлі, люлі, ўсе паснулі,
А сыночак спаць не хоча 

Люлі, люлі, люлі. Люлі, люлі, люлі.

Засынаюць кураняткі
Пад крыламі сваёй маткі.
Люлі, люлі, люлі. Люлі, люлі, люлі.

Шэры коцік спіць у куце,
А сабачка спіць у будзе.
Люлі, люлі, люлі. Люлі, люлі, люлі.

А па сенцах ходзіць бай –
Спі, сыночак, засынай!
Люлі, люлі, люлі. Люлі, люлі, люлі.

Беларускія прыказкі і прымаўкі

Прыказкі і прымаўкі — своеасаблівая энцыклапедыя жыцця народа ў розныя гістарычныя эпохі.

Прыказка — гэта агульнавядомае кароткае выслоўе з павучальным сэнсам. Прымаўка —  агульнавядомы ўстойлівы выраз, звычайна вобразны, які адрозніваецца ад прыказкі тым, што не з’яўляецца скончаным суджэннем і звычайна не мае павучальнага зместу.

У афарыстычнай творчасці беларускага народа прыказкі і прымаўкі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю. Яны ярка адлюстроўвалі маральна-этнічныя і эстэтычныя ідэалы, погляд на працу, жыццёвы вопыт, народную мудрасць увогуле. У некаторых з іх адбіліся язычніцкія ўяўленні.

Пра час

Дарагое яечка да Вялікадня. Дорога ложка к обеду.

Гуляй, гуляй, ды дзела не кідай. Делу время – потехе час.

Пакуль жаніцца, загаіцца = Пакуль шлюб браць — нічога не знаць. До свадьбы заживет.

Пра працу

Любіш паганяць – любі і каня гадаваць. Любишь кататься – люби и саночки возить.

Дзе кухарак шэсць, там няма чаго есць. У семи нянек дитя без глаза.

Хто дбае, той мае = Гаспадарка — клапатарка = Хто полю годзіць, у таго жыта родзіць = Дзе гаспадар ходзіць, там ніўка родзіць = Пільнуй гаспадаркі — будуць у гаршку скваркі. Доход не живет без хлопот.

Скончыў работу — гуляй у ахвоту = Перш папрацуй, а тады й патанцуй = Службу справіў — і гуляй. Сделал дело — гуляй смело.

Ляжачыя і грошы ржавеюць = Пад ляжачы камень вада не бяжыць(не падплыве). Под лежачий камень и вода не течет.

Пра словы і мову

Конь вырвецца — здагоніш, а слова вырвецца — не зловіш = Выказанага слова да губы не вернеш = Са свайго языка спусціш — на чужым не зловіш = Слова як птушка: выпусціў — не вернеш = Сказанае слова за хвост не зловіш = Сліны не падымеш, а слова не вернеш. Слово не воробей: вылетит — не поймаешь.

Слова — вецер, а пісьмо — грунт = Што напісана пяром, не выйме і сякера. Что написано пером, того не вырубишь топором.

На ўзвей (вей) ветру пускаць = На звей (вей, узві, збой) вецер гаварыць. Бросать (слова) на ветер.

Слова не пазычае = Спрытны на язык = На кожнае слова адказ гатовы. За словом в карман не лезет.

Дробным макам рассыпацца = Языком слаць = Словамі як пер’ем слаць. Рассыпаться бисером (мелким бесом).

Гаварыў бы па-польску, ды язык конскі, гаварыў бы па-англійску, ды язык слізкі.

Будзем мове вучыцца, пакуль смерць не лучыцца.

Прымаўкі ды прыказкі — роднай мовы прывязкі.

Усяму пачатак — родная мова.

Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе, хто забыў сваю мову — усё згубіў.

Пра дом і сям’ю

Добра на Доне, ды лепей у сваім доме. В гостях хорошо,а дома лучше.

Няма роду без выроду = У балоце не без чорта, а ў роду не без выроду = У кожнай чарадзе авечку з матыліцамі знойдзеш = І на здаровай яблыні гнілы яблык знойдзецца = І ў добрай сям’і вырадак бывае = Няма лесу без воўка, а сяла без злодзея. В семье не без урода.

Сямейка малая — (усім) работы хапае = Гурт невялічкі — гуляць няма звычкі = Былі бы мы сямёра, змаглі б усё ўчора. Дом невелик — гулять не велит.

Якое карэнне, такое і насенне = Які куст, такі і парастак = Які род, такі й плод. Каково семя, таково и племя. 

Пра каханне

Без сонейка свету не быць, без мілага нельга жыць = Цяжка ўздыханне — далёка каханне. Не мил свет, когда милого нет.

Не прыгожая прыгожа, а каханая прыгожа = Не тое хораша, што хораша, але тое, што каму даспадобы. Не по хорошу мил, а по милу хорош.

Хоць у будане жыць, абы з каханым быць — Хоць пад лаўкаю сядзець, абы на харошага глядзець = Хоць без хлеба пасяджу, але ж на любага пагляджу = Хоць у адной лёлі (сарочцы), абы па любові. С милым рай и в шалаше. 

Пра розум і веды

За дурной галавой нагам неспакой (бяда, гора) = За дурною галавою і нагам няма спакою = Скупы двойчы плоціць, а дурны двойчы ходзіць = Галава нагам зладзей. Бестолковая голова ногам покоя не даёт.

Свой розум мець = Сваім одумам (сваім розумам) жыць. Жить своим умом.

Без мукі няма навукі. Цяжка ў школе, дык лёгка ў полі. Тяжело в учении, легко в бою.

Век жыві — век вучыся. Век живи — век учись.

За багацце розуму не купіш. = Розум не купіш — у галаву не ўльеш.

Хто без навукі, той як бязрукі.

Пра багацце

Багаты Хадот: сабака ды кот = У вераб’я багатая сям’я: у кожнага верабейкі па тры капейкі. Богатому черти деньги куют.

Багатыр дзівіцца, чым худак жывіцца = Багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца, а бедны смяецца, дзе ў багатага дзяецца = Багаты не ведае, чым бедны абедае. Богач удивляется, чем голь пробавляется.

Бог не цяля, бачыць (пазнае) круцяля = Бог не Мікітка, павыламіць лыткі = Бог бачыць з неба, што каму трэба = Бог ведае, хто што робіць і хто як абедае = Бог не гуляе, шмат палатна мае ды багатым торбы нагатаўляе. Бог видит, кто кого обидит.

Даў Бог дурню хлеба, ды той не ўмеў спажыць як трэба = Што Бог ні даў, усё ўторбу = І Халімон танцуе, калі яму шанцуе = Калі папу ўдаецца, то і пападдзя смяецца. Бог даёт — и дурак берёт.

Не будзь ласы на чужыя каўбасы. На чужой каравай рот не разевай.

Хто чужога жадае, часта сваё пакладае = Не ганіся за чужым, не трэба будзе плаціць сваім = Чужое ўзяць — сваё згубіць = Не бяры чужога: аддасі сваё = Ты па чужое, а чорт па тваё. Кто чужого желает, скоро своё потеряет.

Быў бы хлеб, а мышы збягуцца = Абы хлеб быў, а нахлебнікі будуць = Абы было ў торбе, то з’ем і на горбе = На воўну авец знойдзецца й кравец = Абы падла — вароны назлятаюцца = Быў бы куст, а варона знойдзецца = Абы тавар — купец будзе. Был бы хлеб, а зубы сыщутся.

Быў бы араты, будзе й прыганяты = Былі б дурні, а паны знойдуцца = Абы спіна — пуга знойдзецца = Быў бы азадак, а лазы хопіць = Быў бы лоб, а горб будзе. Была бы шея, а ярмо найдётся. 

Пра сяброў

Чалавек без сяброў, што печ без дроў = Няма грошай — не бяда, як сяброў грамада = Лепш сто сяброў, чым сто рублёў. Не имей сто рублей, а имей сто друзей.

Пра ворагаў

Не будзь горкі — праклянуць, не будзь салодкі — пракаўтнуць = Будзешь горкі — праплююць, а салодкі — праглынуць = Не будзь салодкі, бо пераліжуць; не будзь горкі, бо пераплююць. Будешь сладок — живьём проглотят, будешь горек — проклянут.

Пра Бога

Бог не папусціць, свіння не ўкусіць = Калі Бог не дасць смерці, дык невозьмуць і чэрці = Як Бог дапусціць, то й святыя не абароняць. Бог не выдаст, свинья не съест.

Ведаў Бог, што не даў свінні рог = Не дай Бог свінні рог = Бачыў Бог, што не даў свінні рог, бо ўвесь свет спарола б. Бодливой корове Бог рог не даёт.

Скажы дурному паклоны біць, то ён і лоб паб’е = Дурань і мяла зломіць = Разумны работу зробіць, а дурань і мяла зломіць = Дай дурню брытву, то ён зарэжацца = Не хадзіў шалудзька Богу маліцца, а як пайшоў, дык і лоб разбіў = Дурань і молячыся лоб паб’е. Заставь дурака Богу молиться — он и лоб расшибёт.

Божа памажы, але й сам падбяжы (але і сам не ляжы) = Памажы Божа, але й ты не ляжы, нябожа = На Бога спадзявайся, але і сам старайся = Працуй, нябожа, то і Бог паможа = Чакай збавення з неба, а тым часам хлеба трэба. На Бога надейся, а сам не плошай.

Пра поспех

Прыйдзе, тата, і наша свята = Будзе і на вашай вуліцы кірмаш = Будзе і на маім рынку торг (кірмаш). Будет и на нашей улице праздник.

Загляне сонца і ў наша ваконца = Калісь засвеціць сонца і ў наша ваконца = І наша сонца ўвойдзе ў ваконца = Прыйдзе тая нядзеля, што будзе й маё вяселле = Калісьці й наш Бог праспіцца. Будет и наше время.

І сена цэлае, і козы сытыя. И волки сыты, и козы целы.

Святы і абрады беларусаў

Каляндарна-вытворчыя (земляробчыя, паляўнічыя, жывёлагадоўчыя, рыбалоўныя), сямейна-бытавыя (вясельныя, радзіныя, пахавальныя), грамадскія і царкоўныя –– ўсе гэта абрады беларусаў. Што і калі святкавалі нашыя продкі? Як прырода ўплывала на каляндарны год? Дазнайцеся з Усёй Беларуссю.

Святы –– сукупнасць звычаяў і абрадаў. Яны узніклі ў першабытным грамадстве і былі звязаны з каляндарным (гуканне вясны, грамніцы) ці зямельнымі цыкламі. Падзяляюцца святы на рэлігійныя, сінкрэтычныя і безрэлігійныя.

Рэлігійныя святы –– царкоўныя, у прыватнасці хрысціянскія (Раство Хрыстова). Сінкрэтычнымі святамі (мелі рэлігійныя і безрэлігійныя элементы) былі традыцыйныя каляндарная народныя святы (каляды, масленіца, купалле і інш.). Да безрэлігійнай часткі народных свят належылі шматлікія гульні, асабліва на каляды, масленіцу, купалле. У час народных свят спявалі народна-каляндарныя і сямейныя песні, выконвалі творы народнай харэаграфіі.

У народна-каляндарных святах, асабліва ў калядах, ёсць элемент Народнага тэатра, а рэлігійныя элементы звязаны са старажытна абрадавымі дзеяннямі. Значная частка рэлігійных элементаў з’явілася пад уплывам царквы, якая да народных свят прымыкоўвала хрысціянскія (да каляд раство Хрыстова, да валачобнага свята –– Вялікдзень, да купалля –– свята Іаана Прадцеча).

У другой палове 19 ст. –– пачатку 20 ст. роля рэлігійных элементаў у народных святах паступова змяншалася. Некаторыя з іх, асабліва старыя абрадавыя дзеянні, сталі безрэлігійнымі тэатралізаванымі дзеяннямі, святочнай забавай. Большасць беларускіх абрадаў старажытнага паходжання ўзніклі на агульнай усходне-славянскай глебе.

Старажытная абраднасць ляжыць у аснове калядавання, масленіцы, шчадравання, абрадаў купальскай ночы. Многія абрады звязаны з культам продкаў (дзяды, радаўніца), расліннасці. Асаблівасць беларускіх абрадаў –– перапляценне ў іх аграрна-бытавых, язычніцкіх і хрысціянскіх элементаў.

Царква імкнулася забараніць народныя абрады або прыстасаваць іх да патрэб рэлігійнага культу, асобным абрадам вяселля, радзін, пахавання і інш.. Надаць рэлігійны змест. Абрады ў аснове сваёй захавалі народную спецыфіку і нацыянальны каларыт, суправаджаемыя песнямі, танцамі, замовамі, карагодамі, пераапрананнямі (каза, жораў, дзед і інш.). У іх прысутнічаюць элементы тэатральнага дзеяння. 3 імі звязана сялянска-абрадавая паэзія. 3 цягам часу абрады страцілі першапачатковае значэнне, роля рэлігійных элементаў у іх паступова змяншалася, яны пераходзілі ў разрад гульняў, святочных забаў і захоўваліся пераважна на вёсцы.

Абрады зямельныя
Гэта цыкл замацаваных звычаямі ўмоўных сімвалічных дзеянняў, звязаных з працоўным годам земляроба. Узніклі зямельныя абрады ў першабытным грамадстве ў перыяд развіцця земляробства. Земляробчыя абрады прынята называць каляндарнымі.

Падзяляюцца яны на: зімовыя – звязаны са святкаваннем каляд, масленіцы, грамніц; веснавыя –– гуканне вясны, першы выхад у поле; летнія –– святкаванне купалля, зажынак, дажынак; восеньскія –– звязаны са святкаваннем спаса, багача, пакроваў. Яны напоўнены песнямі, танцамі, жартамі. Многія элементы ў земляробчых абрадах страцілі ранейшае значэнне, бо менш звязаны з вытворчымі працэсамі. Элементы міфалогіі ператварыліся ў сімвалы, характэрныя для гульняў. Новы змест і новае афармленне набылі традыцыйныя народныя абрады пачатку і заканчэння веснавых палявых работ. На змену традыцыйнай Масленькі прыйшлі Свята зімы, Праводзіны зімы.

Масленка (Масленіца)
Гэта старажытнае свята, якое ўзнікла задоўга да хрысціянства і сімвалізавала сабою адраджэнне плодных сіл зямлі. Мяркуюць, што першапачаткова свята звязвалася з днём вясновага сонцазвароту, але з прыняццем хрысціянства яно стала адзначацца напярэдадні Вялікага паста –– за восем тыдняў да Вялікадня. Свята працягваецца роўна тыдзень, і яшчэ завецца Сырным тыднем, або Сырніцай, таму што асноўнай ежай у гэтыя дні апроч рыбы, масла, малака і яек з’яўляецца сыр.

Стрэчанне, ці грамніцы –– гуканне вясны
Старажытнае свята развітання з зімой і сустрэчы вясны. Яно традыцыйна суправаджаецца абрадавымі вясновымі песнямі, карагодамі. Людзі заклікаюць вясну хутчэй прыйсці, радуюцца першаму вясноваму сонцу. Гуканне вясны пачыналася 14 сакавіка (1 па старому стылю). У поўдзень моладзь збіралася гуртам і ішла за ваколіцу, на ўзвышша, спяваць.

Высокае месца выбіралі таму, што яно першае вызвалялася з-пад снегу. Хлопцы збіралі з усяе вескі розную старызну і зносілі іх у адно месца і распалівалі вогнішча. Вясна бачылася нашым продкам часам новага ўваскрэсення, святам пачатку новага года, лета. Нараджэнне новага магчыма толькі праз адміранне старога. Таму і ачышчалі хлопцы зямлю, а дзяўчаты поўнілі яе песнямі-гаканнямі. Абстрактнае для старажытных людзей паняцце надыходу вясны ўвасаблялася ў зразумелыя чалавечыя вобразы — прыгожую, квітнеючую дзяўчыну, з’яўленне якой звязвалі з прылетам птушак з выраю, і таму іх клікалі-гукалі.

Саракі

Свята прыпадае на 22 сакавіка. Яно адзначае дзень вясновага раўнадзенства. 3 гэтым святам канчаткова прыходзіць вясна.

Камаедзіца
Гэтае свята прыйшло з глыбокай старажытнасці. Адзначаецца перад Звеставаннем. На яго пакланяліся мядзведзю. Гэта беларускае народнае свята, звязанае з сустрэчай вясны. Лічыцца праявай татэмізму. Уключае ў сябе шэсце пераапранутых з удзелам мядзведзя і святочны абед, імітуюцца звычкі жывёлы. Назва свята паходзіць ад камоў –– сушаны рэпнік, аўсяны кісель, якія лічыліся ласункам лясной істоты.

Вялікдзень
Гэтае свята лічыцца найвялікшым з каляндарных. Яно складае выключную адметнасць, самабытнасць беларускага абрадава-святочнага каляндара. Продкі сутракалі Новы год па сонечнаму календару. Святкавалася ў дзень вяснавога раўнадзенства. Потым стала перасоўным ад 4 красавіка да 8 мая. Апошняй нядзеляй перад святам была Вербная нядзеля. У царкву заносілі галінкі вярбы, якія асвяшчалі святой вадой. Потым прынасілі дамоў і з’ядалі па аднаму пухірку, каб абараніцца ад маланкі, а рэшткі вярбы захоўвалі да наступнай Вербніцы.

Наўскі Вялікдзень
Адзначаўся ў чысты чацвер, як частка агульнакаляндарнай традыцыі ўшанавання дзядоў. Гэтае свята больш вядома пад назвай Радаўніца ––– свята ўшанавання памерлых.

Юр‘я
Свята адзначалася 5 траўня. На ім ушаноўвалі сімвал парадку, вясны, росквіту прыроды. На лузе дзяўчаты выбіралі самую прыгожую, апраналі русалкай, вадзілі вакол яе карагоды і спявалі. Вось адна з прыкмет на Юр’я: «Як дождж на Юр’я, то будзе хлеб у дурня».

Пахаванне стралы
У аснове гэтага свята ляжыць ахоўная магія ад маланкі. Цягнецца ад Вялікадня да Ушесця. На гэтае свята водзяць песні, карагоды, якія абараняюць ад маланкі.

Зялёныя святкі
Свята найвышэйшага росквіту прыроды. Вядома пад назвай Сёмухі, Тройцы. Святкуецца гэтае свята на семым і восьмым тыдні пасля Вялікадня. Гэтае свята з’яўляецца гімнам маці-прыродзе.

Купалле
Святкуецца з 6 на 7 ліпеня. Гэтае свята насычана прыгожымі паганскімі звычаямі і святкуецца ў гонар летняга сонцазвароту. Сутнасць гэтага свята засталася некранутай да нашых дзён. Увасабленнем былі ачышчальныя вогнішчы, ачалавечаны вобраз жанчыны Купалы і нават яго дачкі.

Жніво
Гэтае свята з’яўляецца самым працяглым комплексам рытуалаў. Пачынала святкавацца ад 12 ліпеня да 27 верасня. Жніўныя абрады складалі аснову самай цяжкай працоўнай дзеі.

Пакровы
Адзначаліся ад 14 кастрычніка да 27 кастрычніка. На гэтае свята размяркоўваліся дні паміж дзяўчатамі, а 27 кастрычніка па надвор’ю меркавалі аб характары будучай жонкі, і называлі гэты час Дзявочым летам. На гэтае свята ў прыродзе адбываўся пераломны момант ад лета да зімы. «Прыйшла Пакрова і пытае, ці да зімы гатова». Пачынаючы з гэтага дня моладзь пачынала збірацца на вячоркі, а хатнія справы спраўляліся з песнямі.

Дзяды
Кожны дзень тыдня меў сваё значэнне. Так, субота мела быць днём ушанавання дзядоў, усіх памерлых. У гэты дзень кожны павінен быў успомніць лепшыя рысы прашчураў, аддаць ім належную павагу.

Зімовыя святкі
Пачыналіся пасля поснай куцці (6 студзеня) і завяршаліся да Вадахрышча (19 студзеня). На гэтае свята адбываліся сапраўдныя тэатралізаваныя відовішча. Пачыналіся зімовыя святкі з Каляд (7 студзеня), якія былі ў гонар зімоваго сонцазвароту і каляднага месаеду пасля Піліпаўскага паста. На гэты паганскі абрад наслаівалася хрысціянскае свята нараджэнне Хрыстова ––– свята Каляды. Неад’емным рытуалам з’яўляецца ўшанаванне продкаў-дзядоў. Гэтаму прысвячалі тры ўрачыста-шанавальныя куцці:  перадкалядная посная, багатая ––– шчодрая, і вадзяная

Кансультацыя

Беларускія народныя казкі ў дзіцячым садзе

Изображение

Дашкольнае дзяцінства — залатая пара ў жыцці кожнага чалавека і, разам з тым, вялікі і адказны перыяд псіхічнага і інтэлектуальнага развіцця асобы. Менавіта ў гэтым узросце найбольш інтэнсіўна развіваюцца ўсе псіхічныя функцыі, фарміруецца здольнасць да складаных відаў дзейнасці, закладваецца агульны фундамент пазнавальных здольнасцей.

Гэта самы спрыяльны час для выяўлення і развіцця патэнцыяльных задаткаў у дзіцяці, закладзеных прыродай.

Калі мы зразумеем, што з’яўляецца асабліва важным для фарміравання здольнасцей дзіцяці, яго пачуццяў, умення думаць, то здолеем дапамагчы яму ўвайсці ў свет творчасці, фантазіі, уяўленняў, даць магчымасць для найбольш поўнага развіцця дзіцяці.

Адным з важных шляхоў творчага пазнання рэчаіснасці з’яўляецца казка. Народныя казкі — найбагацейшы скарб, у іх увасоблены мудрасць, мастацкі талент народа, глыбокі роздум чалавека над жыццём, яго вопыт, назіранні за навакольнымі з’явамі. Казка ўзнаўляе даўно забыты час і падзеі, страчаныя ў памяці народа, своеасаблівы каларыт часу і жыцця. Менавіта праз казку дзеці дакранаюцца да жыцця, культуры, быту нашых продкаў.

Казка дае маленькаму чалавеку ўрокі патрыятызму і маралі. Усім сваім паэтычным ладам яна вучыць разумець народнае ўяўленне пра добрае і злое, высокае і нізкае, сумленнае і агіднае, гуманнае і жорсткае. Яна садзейнічае развіццю эстэтычных пачуццяў, без якіх немагчыма высакароднасць душы, суперажыванне, сардэчная чуласць да чалавечага гора, пакут. Яна ўмацоўвае ў дзяцей жыццялюбства, аптымізм, вучыць іх марыць, развівае ўяўленне, будзіць творчыя здольнасці. Дзякуючы казцы дзеці пазнаюць свет не толькі розумам, але і сэрцам.

Патрабуецца інтэнсіўная душэўная праца дзіцяці, каб здолець пайсці за ўяўленнямі казачніка, развіваючы і фарміруючы свет уласных уяўленняў, пашыраючы свае веды аб навакольным асяроддзі. I калі мы расказваем дзецям казкі, важна не проста вучыць іх сачыць за ланцужком падзей, за сюжэтам, але і ствараць умовы для развіцця такіх пазнавальных працэсаў, як успрыманне, памяць, мысленне, мова, уяўленне. Менавіта эмацыянальнасць і здольнасць да пераймання, атаясамліванне сябе з казачнымі героямі робяць дзяцей даверлівымі, «даступнымі» для педагагічнага ўздзеяння.

Метадычныя парады па арганізацыі работы з беларускай народнай казкай

Этапы знаёмства з казкай дзяцей ранняга ўзросту

   I этап — казка расказваецца на памяць выхавальнікам індывідуальна ці  падгрупе дзяцей. Асноўнае патрабаванне да расказчыка — эмацыянальнасць і зацікаўленасць выказвання.

    II       этап — падрыхтоўчы. Тут выкарыстоўваюцца разнастайныя віды гульняў, практыкаванні, заданні, літаратурны і песенны матэрыял. Іншымі словамі, дзіця падрыхтоўваюць да ўспрымання казкі. Работа на гэтым этапе ажыццяўляецца ва ўсіх відах дзейнасці. Педагог павінен ведаць, што развіццё дзіцяці праводзіцца і ў працэсе гульні, заняткаў, ў бытавой дзейнасці, на прагулцы, у працэсе зносін і ў сумеснай дзейнасці з дарослымі.

III    этап — правядзенне сюжэтна-тэматычнага занятку на аснове беларускай казкі. Занятак з дзецьмі малодшай групы  праводзіцца па чарзе ў дзвюх падгрупах па 6—8 дзяцей. Гэта дазваляе выхавальніку лепш бачыць кожнае дзіця, аказваць яму неабходную ўвагу, развіваць яго актыўнасць.

Падгрупы для гульні-занятку павінны камплектавацца з улікам узроўню псіхафізічнага развіцця дзяцей. За кожнай падгрупай замацоўваецца час: пачатак і канец занятку.

Праводзіцца занятак у групавым пакоі, на дыване або за сталамі. Аптымальным з’яўляецца размяшчэнне дзяцей па крузе, што дазва­ляе ўсім добра бачыць і чуць адзін аднаго.

У першай частцы занятку даюцца практыкаванні, гульні, заданні на абуджэнне інтарэсу да пазнання новага, канцэнтрацыю ўвагі.

Выкарыстоўваюцца цацкі, прадметы, абсталяванне ў адпаведнасці са зместам казкі, ствараюцца ўмовы для дзейнасці розных аналізатараў.

Асноўная частка занятку ўключае непасрэдную работу над казкай. Пры расказванні абавязковымі элементамі павінны быць наглядныя падмацаванні зместу, таму што ў гэтым узросце дзеці асвойваюць навакольны свет наглядна-дзейсным шляхам пры дапамозе разглядвання, абмацвання, прыслухоўвання да гукаў і г. д.

У заключнай частцы занятку падводзяцца вынікі. Задаюцца пытанні без папярэдняга напамінання дзецям аб падзеі, падказваючай адказ. Да казкі можа быць пастаўлена ад двух да пяці пытанняў. Занятак важна закончыць так, каб дзеці чакалі наступную сустрэчу з казкай.

У рабоце з дзецьмі сярэдняй групы  важна змяніць характар пазнавальнай дзейнасці. Дзіцяці неабходна дапамагчы арганізаваць сваю ўвагу, усвядоміць і прыняць задачу, запомніць, упарадкаваць, сістэматызаваць назапашаныя веды і ўяўленні.

Выхавальнік павінен прадугледзець віды дзейнасці, неабходныя для развіцця самастойнай маўленчай дзейнасці. Для гэтага могуць быць выкарыстаны розныя варыянты: праслухоўванне запісаў, інсцэніроўка ўрыўкаў, гульні-драматызацыі, разглядванне карцінак і ілюстрацый да казак, арганізацыя гульняў па матывах казак.

Дзецям, якія лёгка і хутка засвойваюць матэрыял, неабходна прапанаваць больш складаную работу або даць дадатковыя заданні. А дзяцей, якія павольна засвойваюць матэрыял, не ўпэўнены ў сваіх сілах, патрэбна маральна падтрымаць, пахваліць у прысутнасці іншых дзяцей, адзначыць іх поспехі, нават калі яны нязначныя.

У рабоце з дзецьмі старэйшай групы  значна ўскладняецца змест працы па знаёмству дзяцей з беларускай казкай, таму што з пашырэннем аб’ёму ведаў мяняецца і характар разумовай дзейнасці дзяцей гэтага ўзросту.

Рэкамендуецца праводзіць спецыяльныя гутаркі аб раней прачытаных (расказаных) казках, у час якіх задаюцца пытанні, прапануецца прыгадаць рэплікі герояў казкі, іх учынкі, адносіны да небяспекі, смешныя месцы і г. д. Вельмі важна даваць большую самастойнасць дзецям як у выбары гульні, так і ў творчым рашэнні яе задач: уласныя арыгінальныя смелыя рашэнні, жаданне вольна выражаць свае адносіны да навакольнага. Уяўленні дашкольнікаў павінны быць накіраваны на пошук і стварэнне новага, тым самым дзеці абараняюць сваю індывідуальнасць.

Кансультацыя

«Беларускія народныя гульні як сродак фізічнага выхавання»

Працу з дзецьмі дашкольнага ўросту немагчыма ўявіць без наяўнасці ў ёй элементаў народнай педагогікі і традыцыйнай фізічнай культуры. Яны ўключаюць у сябе адзін з найбольш важ­ных прынцыпаў выхавання — прынцып прыродаадпаведнасці. 3 дапамогай традыцыйных сродкаў і метадаў можна аказаць эфектыўнае ўздзеянне на гарманічнае развіццё дзіцяці, не парушаючы яго ўнутранага свету і сувязі з навакольным асяроддзем.

Фізічная культура займае вядучае месца ў выхаванні дзяцей, і адным з яе раздзелаў з’яўляецца рухомая гульня. Дашкольны ўзрост — гэта перыяд, калі дзіця хутка расце і развіваецца, авалодвае ведамі, і таму вельмі важна дапамагчы яму навучыцца правільна ўспрымаць знешні свет, акаляючыя яго прадметы і з’явы. Задача дашкольных устаноў — забяспечыць усебаковае развіццё і выхаванне дзяцей. Выкананне яе здзяйсняецца рознымі сродкамі, сярод якіх важнае месца належыць гульні.

Рухомыя гульні ствараюць атмасферу радасці і таму робяць больш эфектыўным комплекснае рашэнне аздараўленчых, адукацыйных і выхаваўчых задач. Актыўныя рухі, абумоўленныя зместам гульні, выклікаюць у дзяцей станоўчыя эмоцыі і павялічваюць фізічныя працэсы. Сітуацыі на гульнёвых пляцоўках, якія ўвесь час змяняюцца, прывучаюць дзяцей мэтанакіравана выкарыстоўваць рухомыя здольнасці і звычкі, забяспечваць іх удасканаленне. Звычайна праяўляюцца такія фізічныя якасці, як хуткасць рэакцыі, спрытнасць, вокамер, раўнавага, навыкі арыентацыі ў прасторы, што адыгрывае важную ролю ў набыцці дзіцём жыццёвага вопыту. Неабходнасць падпарадкоўвацца правілам і пэўным чынам рэагаваць на сігнал арганізуе і дысцыплінуе дзяцей, прывучае іх кантраляваць свае паводзіны, развіваць кемлівасць, рухальную ініцыятыву і самастойнасць. Рухомыя гульні пашыраюць агульны кругагляд, папаўняюць слоўнікавы запас, удасканальваюць псіхічныя працэсы.

Гарманічнае спалучэнне паэтычнага слова, рытму, інтанацыйнай выразнасці, музыкі і рухаў дае магчымасць рэалізаваць эмацыйныя патрэбы дзіцяці. Яшчэ ў 1932 г. Г. В. Хухлова адзначыла, што «сістэматычныя фізічныя заняткі, якія праводзяць з эмацыянальным пад’емам і павелічэннем, — найбольш просты шлях да фізічнага і псіхічнага ўдасканалення дзіцячага арганізма».

Беларускія народныя гульні — адзін з самых старажытных сродкаў выхавання, яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне і цесна звязаны з навакольным асяроддзем, бытам і працоўнай дзейнасцю людзей, раскрываюць характар, звычкі і традыцыі беларусаў. Як правіла, беларускія народныя гульні — рухомыя. Роля беларускіх народных рухомых гульняў як сродку фізічнага, эстэтычнага і разумовага выхавання абумоўлена тым, што яны садзейнічаюць правільнаму фізічнаму развіццю, умацаванню здароўя; развіваюць сілу, спрыт, вастрыню зроку і слыху, назіральнасць, кемлівасць, удумлівасць, вытрымку, калектывізм, клопат пра іншых, любоў да роднага краю, пачуццё справядлівасці і прыгажосці. Гэта адбываецца за кошт таго, што, з аднаго боку, дашкольнікі ўключаюцца ў практычную рухомую дзейнасць, развіваюцца фізічна, вучацца дзейнічаць і прымаць рашэнні самастойна. 3 другога боку, яны атрымліваюць маральнае і эстэтычнае задавальненне, знаёмяцца з народнымі традыцыямі, лепш пазнаюць акаляючы свет.

Беларуская рухомая гульня зарадзілася спачатку як культавы абрад. Потым, з цягам часу яна набыла від забавы, але ж захавала сваю асноўную накіраванасць на агульную фізічную падрыхтоўку, удасканаленне функцый арганізма, выхаванне маральна-валявых і творчых здольнасцей. Гульні былі дэтэрмінаваны па ўзросце. Гуляць дзеці пачыналі яшчэ немаўлятамі: спачатку дарослыя забаўлялі іх, падкідвалі і гушкалі на руках, потым, калі дзеці маглі трымаць у руках прадметы, ім давалі самаробныя цацкі («лялькі»), Простыя фізічныя практыкаванні, якія, як правіла, суправаджаліся гульнямі, развівалі рукі маленькіх, а жартоўныя песенькі і прыгаворкі, імітаванне галасоў птушак і жывёл знаёмілі з навакольным жыццём, маральнымі нормамі, дазвалялі атрымаць першае ўяўленне пра дабрыню (іх можна выкарыстоўваць з першай малодшай групы). З узростам пашыралася колькасць гульняў і іх змест, яны значна ўскладняліся.

Беларусы маюць своеасаблівую школу пешчання. Немаўлятак забаўлялі, прывучалі іх да элементарных гульняў з дапамогай забаўлянак, якіх багата накоплена ў народнай творчасці. Так, робячы гімнастыку, падкідвалі дзіця на руках, пахлопвалі яго па спінцы, пагладжвалі па жывоціку, згіналі ножкі, суправаджалі дзеянні спецыяльнымі забаўлянкамі, як імправізаванымі, так і ўстойлівымі, вядомымі ў той ці іншай мясцовасці.

Дух змагарства, магчымасць паспрабаваць свае сілы і вынослівасць наогул быў характэрны для гульняў дзяцей розных узростаў. Самай простай і распаўсюджанай сярод іх была гульня «ў абгонку» («перагонкі», «перапехі», «хто каго абгоніць»). Сіла і спрыт патрабаваліся дзецям для хадзьбы на хадунах. Хадзьба на хадунах была справай не простай, для авалодання ёю трэба было шмат трэніравацца. Гэта гульня захапляе перш за ўсё дзяцей больш старэйшага ўзросту.

Асноўнай рысай большасці беларускіх рухомых народных гульняў з’яўляецца тое, што яны патрабуюць шмат фізічнай энергіі, спрыту, кемлівасці, у выніку чаго дзеці атрымліваюць добрую фізічную нагрузку, загартоўку. Вясковыя дзеці ўжо ў падлеткавым узросце былі фізічна моцнымі і вынослівымі і маглі выконваць ра­боты ў полі і па гаспадарцы, якія патрабавалі шмат сіл.

Трэба адзначыць, што ў сваім першапачатковым выкананні ўсе народныя гульні праводзіліся і праводзяцца на вуліцы і не патра­буюць ніякіх спецыяльных умоў і абсталявання. Гэта забяспечвае іх арганізацыю на свежым паветры даступнай, прычым сезоннасць беларускіх гульняў дазваляе праводзіць іх на працягу ўсяго года. Комплекснае ўздзеянне фізічнай актыўнасці і звычайных прыродных умоў на арганізм узмацняюць закаляючы эфект. Усе формы і сродкі традыцыйнай фізічнай культуры звязаны са звычайнымі ўмовамі, якія маюць важнае значэнне ў замацаванні здароўя дзяцей.

Праграмныя дакументы, па якіх сёння працуюць педагогі дзіцячых дашкольных устаноў у Рэспубліцы Беларусь («Пралеска», «Фізкульт-Ура») прадугледжваюць шырокае выкарыстанне беларускіх рухомых гульняў у вучэбна-выхаваўчым працэссе. У праграмах прапануюцца ўзроставыя размежаванні рухомых гульняў, але кожны выхавальнік ці фізічны кіраўнік можа сам адапціраваць іх і для пэўнага ўзросту, і для пэўных умоў. Самі дзеці, мадыфікуючы знаёмыя ім гульні, могуць стварыць новыя, развіваючы сваю творчую актыўнасць, творчыя здольнасці.